СО́Ф’Я ВІ́ТАЎТАЎНА (каля 1371—5.7.1453),
вялікая княгіня маскоўская. Дачка вял. кн. ВКЛ Вітаўта і яго 2-й жонкі смаленскай князёўны Ганны Святаслаўны, жонка (з 1391) маскоўскага вял. кн. Васіля I [1398—1425], Маці Васіля II [1425—62]. Дзякуючы яе шлюбу паміж ВКЛ і Масквой усталяваліся працяглыя мірныя адносіны. У гады малалецтва Васіля II (н. 1415) і пазней энергічная і смелая С.В. фактычна ўзначальвала маскоўскі ўрад, вяла ўзбр. барацьбу з прэтэндэнтамі на трон Юрыем Дзмітрыевічам (братам Васіля I), яго сынамі Дзмітрыем Шамякам і Васілём Касавокім. Двойчы (1433, 1446) зняволена паліт. праціўнікамі. Удзельнічала ў абароне Масквы ад татар (1451). Перад смерцю прыняла манаства.
т. 15, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)